Достопримечательности

Translate

Легенды о Свислочи



Вельмі цікавымі і карыснымі ў вывучэнні мінулага з’яўляюцца легенды. Яны нараджаліся на працягу шматлікіх стагоддзяў, як спроба народа асэнсаваць незразумелыя, таямнічыя прыродныя з’явы або гістарычныя падзеі, якія адбываліся так даўно, што сапраўдныя іх падрабязнасці страчаны народнаю памяццю. Яны прымушаюць шукаць адказы на адвечныя пытанні. Адкуль мы?  Хто нашы продкі? Дзе нашы вытокі?
         Адным з найбольш старажытных твораў паўднёва-рускага летапісання з’яўляецца Іпацьеўскі летапіс. У ім даюцца падзеі ад далёкага недатаванага мінулага Русі да 1291года.
         Пад 1256 годам у Іпацьеўскім летапісу чытаем «Поиде Данило на Ятвязе с братом и сыномъ Лвомъ и с Шеварном младоу соущоу емоу и посла по Романа в Новъгородокъ и поиде к немоу Романъ со всими Новогородци и тцемъ своимъ Глебомъ и со Изяславом со Вислочьскимъ и со сее стороны приде Самовитъ со Мазовшаны и помочь о Болеслава со Соудимирци и Краковляны».
         З гэтага ўрыўка вынікае, што ў паходзе 1256г. на яцвягаў побач з галіцка-валынскімі і польскімі вайскамі прымалі ўдзел атрады Рамана-Навагародскага, Глеба Ваўкавыскага і Ізяслава Свіслацкага.
         Як сцвярджае вядомы беларускі географ В.А. Жучкевіч, назва Свіслач яцвяжскага паходжання і абазначае балота, балоцістае месца, вільгаць. І сапраўды, рака Свіслач, ад якой атрымала назву паселішча Свіслач, бярэ пачатак з балотаў, што ля вёсак Занкі, Кавалі і Грыцкі.
         Матэрыяльным пацверджаннем слядоў старажытных яцвягаў на Свіслаччыне з’яўляюцца каменныя сякеры, якія вырабляліся гэтымі плямёнамі. Яцвягі жылі родамі. На чале кожнага рода стаяў старэйшына, які меў неабмежаваную ўладу.
 Яцвягі не ведалі гарадоў, умацаваных замкаў. Іх абаронцамі былі дзікія, першабытныя, непраходныя цёмныя лясы і топкія балоты, рэкі, бяздонныя азёры.
         Лес карміў яцвягаў, абаграваў, бараніў у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны. У Белавежскай пушчы жылі яцвягі, якія апраналіся ў мядзвежыя і воўчыя шкуры, былі вядомыя сваімі спусташальнымі набегамі на суседнія ўладальні Старажытнай Русі, Польшчы і Літвы.
         У сувязі з пагрозай суседзяў у яцвягаў узнікла неабходнасць цэнтралізацыі ўлады. Гэта ўдалося феадалу Комяту, а пазней Скаманду – выдатнай асобе, правадыру і вярхоўнаму жрацу. Ёсць звесткі, што рэзідэнцыя і галоўны храм знаходзіліся ў Белавежскай пушчы. Але паколькі доступ туды быў забаронены, а ўмовы жыцця правадыра і рытуалы вярхоўнага жраца простым людзям былі невядомы, гэтае месца атрымала назву Нязнаны Рог, або Нязнанава. Так называецца адно з урочышчаў у пушчы і сёння. Легенду аб магічных рытуалах вярхоўнага жраца прыводзіць у сваім апавяданні “Ад Вялікага Нікара” Эліза Ажэшка, якая была ў гэтых мясцінах ў Белавежы ў 1904г. і магла чуць легенду.
         …Даўно-даўно, нават прадзеды цяперашніх буднікаў памятаць не маглі, існаваў у Белавежскай пушчы язычніцкі храм, Ромава. Побач была сядзіба галоўнага жраца, святое месца, якое нельга было ўбачыць нікому са звычайных людзей. Адсюль і атрымала яна назву Нязнаны Рог.
         У Нязнаным Роге апрача малення жрацоў адбываліся акты тайныя, дзіўныя, жудасныя, але велічныя і надзвычайныя. Калі на зямлі паміраў слынны волат ці лірнік, паважаны за палымяныя песні, рыцар разам з канём і зброяй ці пясняр са сваёй лірай – спальваліся тут на вогнішчы. Людзі гэтых абрадаў не бачылі, таму давалі волю ўяўленню і апавядалі, што ў зялёнай сядзібе адбываўся таямнічы акт, над Нязнаным Рогам узнікаў вогнянны бляск, у якім коннік у збройным рыштунку з лірай у руках маланкай перасякаў начны змрок і ўзвіваўся да аблакоў ці зорак і знікаў сярод іх. Толькі пасля таго, як знікаў, яшчэ дрыжала пад небам кропка імглы, што свяцілася ў паветры, распаўсюджвала пах спаленага бурштыну.
         Мінавалі стагоддзі, сцерліся ў памяці людзей язычніцкае Ромава і вогнішча, але на дне возера чалавечай памяці ўспамін не высыхае, хоць і памутнеў.
         Таму, як толькі над Нязнаным Рогам з’яўляецца маланка, ці іншае святло, людзі хрысцяцца і з павагай схіляюць галовы, верачы, што дзесьці на свеце ў гэтую хвіліну перастала біцца мужнае і пяючае сэрца.
         Непасрэдна з гэтай легендай звязана легенда аб паходжанні Свіслачы.
…І вырашыў галоўны яцвяжскі Бог паглядзець і праверыць як людзі выконваюць яго наказы. Спусціўся з нябёс і пайшоў ад сяла да сяла ў вобразе беднага старца. Пасля доўгіх гадоў вандравання прыйшоў ён у адно сяло, што знаходзілася ў пушчы. Убачыўшы старца жыхары сяла сталі хутка хавацца і зачыняць свае хаты, каб недавялося карміць і даваць начлег. І вялікі гнеў авалодаў бога, і страшна  пакараць вырашыў ён скупых і няўдзячных жыхароў. І ператварыў тое месца, дзе жылі гэтыя людзі, у балоцістае возера (адбылося гэта даўно, але тое возера існуе да нашых дзён). І пайшоў Бог далей. За некалькі вёрст на высокім узгорку ўбачыў старэнькую хату, жылі ў ёй дзядуля Ізяслаў і бабуля Багуміла, яны былі вельмі добрыя, сціплыя. Калі Бог падыйшоў бліжэй, гаспадары ветліва сустрэлі яго і запрасілі ў хату. За гэта Бог ператварыў іх старую хату ў палац. На стале дарагія стравы на залатых і сярэбраных талерках, а гаспадары ў дарагіх вопратках. Каля палаца стаў сяліцца люд. Усе лічылі гэта месца благім. А побач узнік храм, дзе Ізяслаў і Багуміла сталі жрацамі. Пасля смерці яны пераўтварыліся ў дрэвы – клён і ліпу.
         Гэтыя легенды – водгук на існаванне на гэтым месцы замка летапіснага князя Ізяслава Свіслацкага. (Іпацьеўскі летапіс 1256г.)

                           Хай тыя ведаюць, што з’явяцца па нас,
 Усю праўду пра жыццё ў наш і ў прошлы час.
               Што тут чынілася ў даўнія гады,
                  Што думалі, чаго бажалі мы тады,
                     За што змагаліся, як баранілі веру,-
                           Хай зведаюць усё патомкі праз паперу.

                                                          М.Багдановіч “Летапісец”, 1912г.